This version of the page http://www.svaboda.mobi/a/27577440.html (0.0.0.0) stored by archive.org.ua. It represents a snapshot of the page as of 2016-03-16. The original page over time could change.
Алесь Клышка: Мой «электарат» — найлепшыя ў сьвеце беларускія дзеткі

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

  • Перайсьці да галоўнага зьместу
  • Перайсьці да галоўнай навігацыі
  • Перайсьці да пошуку
  • Поўная вэрсія
Культура

Алесь Клышка: Мой «электарат» — найлепшыя ў сьвеце беларускія дзеткі

  • Ігар Карней

Кніга «Званіца. Выбранае ад дыялёгаў»

  • Падзяліцца на Фэйсбуку
  • Падзяліцца на Твітэры

Пабачыла сьвет кніга пад назвай «Званіца. Выбранае ад дыялёгаў». У яе ўвайшлі «дыстанцыйныя» гутаркі-развагі манаха Іаана (у сьвеце паэт і філёзаф Алег Бембель) і літаратара, навукоўца Алеся Клышкі.

У аснове збору — занатаваныя тэлефонныя размовы аднадумцаў на актуальныя тэмы: палітычная будучыня Беларусі ў сьвятле падзеяў ва Ўкраіне, пашырэньне імпэрскіх амбіцыяў Расеі, ціхая кітайская экспансія, пагроза «мірнага атаму» і г.д.

Алесь Клышка кажа, што зьвярнуцца да нестандартнага рашэньня ў складаньні некалькіх апошніх кніжак прымусіў форс-мажор. У другой палове «нулявых» ён цяжка захварэў, быў літаральна на мяжы жыцьця і сьмерці. Сувязь са зьнешнім сьветам абмежавалася, але з Жыровіцкага манастыра яму рэгулярна назвоньваў верны сябра і духоўны настаўнік — паэт Зьніч, ён жа інак Мікалай, а цяпер манах Іаан.

Як удакладняе спадар Клышка, спачатку размаўлялі для душы, а пасьля вырашылі гутаркі запісваць «для гісторыі». Падобны досьвед ужо быў апрабаваны на сумесных выданьнях «Жыровіцкія камяні», «Шлях да Жыровічаў», «Жыровіцкая пастараль», прысьвечаных духоўнаму адраджэньню Бацькаўшчыны. Гэтым разам актуалізаваныя выбраныя дыялёгі былі зьнітаваныя ў сугучныя словы «званок» і «званіца»:

Сябры-аднадумцы: паэт Клышка і манах Іаан

«Так, гэтая завядзёнка мае сваю гісторыю. У той час, калі я хварэў і ня меў магчымасьці сустракацца з айцом Іаанам, заставалася задавольвацца тэлефанаваньнямі. Мы проста нагаворвалі і запісвалі свае думкі. Здаралася, ён выходзіў на сувязь а 8-й раніцы і ставіў перад фактам: „Алесь, будзем працаваць“. Запытваю: „На якую тэму?“. Адказ: „Ня важна, гавары, што табе Бог падкажа“. І прыводзіў прыклад: калі вучні запыталі Госпада — а як мы пойдзем прапаведаваць, ня ведаючы моваў — той сказаў: „Вы толькі рот адкрывайце, я буду за вас прамаўляць“. Нейкім цудам стварыліся тры першыя кніжкі, а ўжо апошняя — „Званіца“ — у такім выглядзе закладалася адпачатку. Айцец Іаан палічыў, што ня трэба адыходзіць ад завядзёнкі, варта і надалей працягваць у выглядзе дыялёгаў. Адзінае, што спачатку ён плянаваў сумоўе выкарыстаць у сваёй трэцяй кнізе „Крэсіва. Выбраныя творы“, але там набралася пад 200 старонак тэксту і тады прапанаваў рабіць асобнае выданьне». Значнае месца ў кнізе прысьвечана падзеям, якія разгортваюцца ва Ўкраіне. Алесь Клышка перакананы: усё, што з падачы Крамля адбываецца ў суседняй дзяржаве, трэба разглядаць і празь «беларускі прыцэл» — як папярэджаньне пра хісткасьць хаўрусьніцтва зь дзяржавай, што прэтэндуе на ўсясьветнае лідэрства:

Спроба ацэнкі перадумоваў сытуацыі на Данбасе

«Нягледзячы на тое, што айцец Іаан — ён жа паэт Зьніч — жыве за мурам, чалавек ён вельмі дасьведчаны. Да яго шмат прыходзіць паломнікаў — ня толькі зь Беларусі, а і з Расеі, з Украіны. Ён лагодна ставіцца да ўсіх поглядаў, ахвочы выслухаць, задаць пытаньні. Бо, як вядома, толькі ў кантактаваньні нараджаецца ісьціна. І калі потым дзяліўся ўражаньнямі са мной, я сытуацыю разглядаў з праекцыяй на Беларусь. Ужо не аднойчы падкрэсьліваў: гэта вельмі сур’ёзнае для нас, беларусаў, папярэджаньне. Калі, ня дай Божа, здарыцца агрэсія зь нейкага боку (хоць наш кіраўнік і запэўнівае, што гатовы да магчымай навалы і з захаду, і з усходу), мы, па-сутнасьці, адпачатку ў пройгрышным становішчы. Найперш таму, што няма салідарнасьці ў грамадзтве, людзі радыкальна падзяліліся паводле сваіх поглядаў, свайго мэнталітэту. З аднаго боку — патрыятычная, нацыянальная частка, зь іншага боку — прарасейская, староньнікі „русского мира“. Вось у гэтым я бачу сур’ёзную будучую праблему».

Хоць Алесь Клышка «завершаны» лірык у душы, паводле адукацыі ўсё ж «тэхнар»: ён кандыдат тэхнічных навук, працаваў у НДІ прыкладных фізычных праблемаў Белдзяржунівэрсытэту. Не выпадкова адна з тэмаў, узьнятых у кнізе, тычыцца іншай патэнцыйнай пагрозы — рызыкоўнай гульні ў «мірны атам». Як адзначае суразмоўца, па іроніі лёсу асноўны аб’ём працаў на першай Беларускай АЭС у Астраўцы заплянаваны якраз на 30-я угодкі Чарнобыльскай катастрофы:

«Хачу прыгадаць, што гадоў 10 таму на хвалях Свабоды мы з вамі вялі размову на гэтую тэму. Сярод іншага ўздымалася такое пытаньне: што мы будзем мець, адыходзячы ад „Газпрома“ да „Росатома“? І тады я выказаў такую думку: з газпрамаўскай пасткі мы наўпрост патрапім у пастку расейскага атамнага лобі. Мінула дзесяцігодзьдзе — так яно і атрымліваецца. Застаецца толькі канстатаваць: гэтая актуалія на сёньняшні дзень дамоклавым мячом вісіць над Беларусьсю, асабліва ўлічваючы яе цяжкае фінансавае становішча. Нават можна разважаць адносна таго, што мы не дапусьцім катастрафічных наступстваў для экалёгіі, аднак застануцца матэрыяльныя абавязаньні перад крэдыторам — Расеяй. Як кажуць, бярэш чужыя грошы, але ж аддаваць давядзецца свае. І як будзе вырашацца пытаньне вяртаньня крэдытаў, чым яны будуць вяртацца і на якіх умовах — на маё перакананьне, гэта надзвычай сур’ёзная праблема, якую ў недалёкім будучым давядзецца вырашаць нашай краіне».

Дакумэнтальны блёкбастэр Клышкі — «Шчасьце маё...»

У «Званіцах» уздымаецца цэлы шэраг пытаньняў глябальнага парадку, якія наўрад ці пад сілу вырашыць двум суразмоўцам — паэту і манаху. Але, перакананы Алесь Клышка, чым больш людзей пачне зазіраць далей за рамкі сёньняшняга дня, тым выразьней будзе ацэньвацца пэрспэктыва будучага існаваньня.

Цікаўлюся: а ці ёсьць намер працягваць фармат дыстацыйных гутарак, які, нагадаю, адпачатку быў абумоўлены хваробай аднаго з аўтараў? Алесь Клышка ўсьцешаны, што нарэшце можа сабе дазволіць не тэлефоннае, а рэальнае кантактаваньне з сябрамі і навакольным светам:

Алесь Клышка з дачкой Анастасіяй

«Па вялікім рахунку, такой патрэбы ўжо няма — летась упершыню ад 2008 году я наведаў Жыровіцкі манастыр, дзе меў цёплую сустрэчу і з айцом Іаанам, і з благачыннымі, якія за мяне шмат і ўпарта маліліся. Айцец Авель нават папрасіў: „Алесь, у нас ёсьць Кніга цудаў, напішы ўсё, што з табой здарылася“. І я ў караценькай форме выклаў гісторыю свайго падзеньня, ачуняньня і ўзьлёту. Увогуле пачатак таму візыту паклала ініцыятыва літаратара і арганізатара Міхася Скоблы: паэты, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы сабраліся, каб ушанаваць нашу слынную Ларысу Геніюш на яе радзіме ў Зэльве. І было вельмі прыемна, што ўладыка Гурый блаславіў усіх нас на добрую сустрэчу падчас заплянаваных імпрэзаў. Так што вымушаная адсутнасьць і цёплая сустрэча праз гады толькі падкрэсьліла маё вяртаньне да жыцьця. Цяпер спадзяюся, што калі і будуць нейкія сумоўі, то толькі наўпрост».

Збор дзіцячых вершаў «Даравальная нядзеля»

Значнае месца ў сваёй творчасьці Алесь Клышка пакідае самым маленькім чытачам — у ягоным багажы цэлая нізка кніжак, адрасаваных дзеткам. А зусім нядаўна, акурат пад Міжнародны дзень роднай мовы, у адным зь дзіцячых садкоў Менску адбылася незабыўная сустрэча, як кажа, з самым удзячным «электаратам»:

«Нядаўна мы адзначалі Дзень роднай мовы — усясьветнае сьвята. Праз маю дачку Анастасію Малухіну, якая працуе выхавацелькай, мяне запрасілі на сустрэчу зь дзеткамі ў садок № 264, што ў менскім мікрараёне Малінаўка. За што я вельмі ўдзячны загадчыцы ўстановы Калясінскай Дыяне Аляксандраўне. Шчыра кажучы, адразу ня мог нават уявіць, як сябе там паводзіць, бо сабралася больш за 100 дзетак! Але яны самі зладзілі мне сьвята: у нацыянальных строях, зь беларускімі сьпевамі; справілі віктарынкі, ставілі маленькія інтэрмэдыі, чыталі мае вершы. Хто песьню, хто прымаўку-прыказку. Не пераказаць, на якім эмацыйным уздыме быў і я сам, і гэтыя дзеткі. Гэта было шчасьце, калі я ім нешта казаў, а яны пляскалі ў далоні. Канечне, усім падарыў кніжачкі — балазе, мой сябра, выдавец друкарні „Смэлтак“ Зьміцер Перагуд адмыслова зрабіў дадатковы накладзік. Ну, а я атрымаў кветкі, паштовачкі, падзелачкі. І хачу падсумаваць: мой настрой, мой аптымізм палягае якраз у тым, што нашы дзеткі гатовыя для ўспрыманьня беларускага слова, гатовыя, каб зь імі ў гэтым кірунку працавалі».

У дзіцячым садку з «электаратам»

Алесь Клышка перакананы: у корані ня правільна наракаць на «страчанае пакаленьне», нічога не робячы дзеля таго, каб прынамсі паспрабаваць завабіць маленькіх грамадзянаў у сутнасна багаты і глыбокі сьвет беларушчыны:

«Летась у мяне было некалькі візытаў у навучальныя ўстановы. Адзін зь іх — у мастацкі каледж, які скончыла мая ўнучачка Кацярына Малухіна. Справа ў тым, што яна афармляла маю кніжку выбраных твораў хрысьціянскай паэзіі „Сустрэчы“, гэта была яе дыплёмная праца. На абароне за графічнае афармленьне атрымала найвышэйшую адзнаку — 10 балаў. Канечне, мне было вельмі прыемна, але, на жаль, толькі яна адна з усіх студэнтаў абаранялася па-беларуску. Тады старшыня камісіі, вядомы мастацтвазнаўца, дырэктар Музэю старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука знайшоў патрэбныя словы: надзвычай важна працаваць зь дзецьмі, даваць ім прыкладныя працы, заданьні, дыплёмы. І пасьля тых візытаў я падумаў: Божа, дык гэта ж мой электарат — дзіцячыя садкі, школкі. Бо я разумею, што ёсьць сэнс зь імі працаваць, там людзі, блізкія мне па духу. Яны ўспрымаюць, адгукаюцца і гэта тое, што рэальна можа рабіць навуковец, паэт, пісьменьнік — наведваць аўдыторыі і мець кантакт з такім вось электаратам».

Алесь Клышка — карэнны мянчук у трэцім пакаленьні. Нарадзіўся ў 1948 годзе ў вялікай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Быў вымушаны рана пайсьці працаваць, яшчэ з 16 гадоў. Пасьля заканчэньня вечаровай школы паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут (БПІ). Працаваў на МАЗе, гуляў у футбол за каманду «Тарпэда». Вярнуўся ў БПІ, абараніў дысэртацыю, кандыдат тэхнічных навук. Працаваў у НДІ прыкладных фізычных праблемаў Белдзяржунівэрсытэту, аўтар блізу сотні навуковых працаў і вынаходніцтваў.

Відэафрагмэнт паэмы «Менская зямля»:

10:17
Алесь Клышка, фрагмэнт паэмы "Менская зямля"
0:00:00

На літаратурнай ніве досьвед больш сьціплы — першы паэтычны збор «Ад каранёў да кроны» выйшаў у 2002 годзе. Пасьля сьвет пабачыла кнігі «Далёкае — блізкае», «Абярог», «Менская зямля», нізка чытанак для дзяцей. Укладальнік гістарычнай кнігі «Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева». У суаўтарстве з манахам Іаанам (паэтам Зьнічом) выдаў кнігі «Жыровіцкія камяні», «Шлях да Жыровічаў», «Жыровіцкая пастараль», «Званіца. Выбранае ад дыялёгаў». Аўтар шэрагу відэа- і аўдыёкніжак. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Вам можа яшчэ спадабацца

  • Вольная студыя

    Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?

  • Музыкалка

    «Ісьці з вайною на братоў па зброі»

  • Культура

    Стартаваў трэці сэзон конкурсу «Засьпявай.BY». Конкурс «пастарэў»

  • Расея

    Як ўвёў, так і вывеў: Славенскі комік пра Пуціна

Паказаць камэнтары

Back to top
XS
SM
MD
LG