This version of the page http://www.svaboda.mobi/a/27574035.html (0.0.0.0) stored by archive.org.ua. It represents a snapshot of the page as of 2016-03-16. The original page over time could change.
Філязофія выжываньня і беларуская мова

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

  • Перайсьці да галоўнага зьместу
  • Перайсьці да галоўнай навігацыі
  • Перайсьці да пошуку
  • Поўная вэрсія
Севярын Квяткоўскі

Філязофія выжываньня і беларуская мова


Севярын Квяткоўскі

  • Падзяліцца на Фэйсбуку
  • Падзяліцца на Твітэры

Сам таго ня ведаючы, першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч абазначыў рэальны статус расейскай мовы ў Беларусі – тэхнічны: «Мне ня хочацца гаварыць аб абставінах злачынстваў на беларускай мове. Не таму мяне маці вучыла».

Расейская мова ў Беларусі ўводзіць у зман шмат каго з замежнікаў. Ды найперш саміх расейцаў. У Расеі ёсьць культ расейскай мовы. Яна завецца там «вялікай і магутнай». Яна важная складовая частка патрыятычнага выхаваньня. Ад дзіцячага садка і да заканчэньня школы дзеці вучаць вершы, прысьвечаныя расейскай мове. А ў Беларусі – гэта тэхнічнае прыстасаваньне, як відэлец, як адпыльвач, як кампутар.

А падчас перапісаў насельніцтва бальшыня беларусаў называе роднай беларускую мову. Хоць відавочна, што ў гарадах абсалютная перавага расейскай, а па-за гарадамі – трасянкі. Справа ў тым, што «родная мова» – найперш эмацыйны панятак. Роднае – гэта тое, што выклікае цеплыню. Нездарма Валеры Калінковіч зрабіў адсылку да сваёй маці ў развагах пра беларускую мову.

Але, мяркую, спадар судзьдзя троху схітраваў. Падобная адгаворка паўтараецца ў розных варыяцыях досыць рэгулярна. Маўляў, «не хачу псаваць, таму не размаўляю». А Валеры Калінковіч толькі дадаў у калекцыю новы – «бліскучы»! – экзэмпляр: ёсьць тэмы, якімі ня хочацца псаваць беларускую мову. Дастаў з куфра, працёр, паставіў, палюбаваўся, і схаваў назад.

Зрэшты, мне чуецца ў словах спадара судзьдзі цеплыня. Не зьдзіўлюся, калі беларуская мова для яго матчына ў простым сэнсе слова, што ад нараджэньня і да пэўнага этапу ў сваім жыцьці ён гаварыў менавіта па-беларуску. Але як толькі беларуская мова стала перашкодай для разьвіцьця жыцьцёвай кар'еры, трапіла ў куфар.

«На чорта мне тая мова?!» – з сэрцам махае рукой дзед Ігнат. Мы размаўляем на пачатку 1990-х. – «Я што гэну вашу мову – у рот пакладу, ды зьем?» Дзед Ігнат усё жыцьцё ад маленства цяжка рабіў на зямлі, зьведаў некалькі войнаў, голад, сталіншчыну, а лепей жыць яму ня стала. Толькі выйшаў на пэнсію, пачалася гіпэрінфляцыя, і зноў усё па новай – выжываць.

Выжывальніцкая рацыянальнасьць, на мой погляд, дагэтуль кіруе ці ня большасьцю беларусаў. Адсюль стаўленьне да культуры ў цэлым, і да беларускай мовы ў прыватнасьці, як да неабавязковага бонусу – у рот не пакладзеш, але раз на год палюбавацца можна.

Само па сабе ratio не прыносіць асалоды – а які сэнс выжываць, навошта? Ператварыцца ў трактар «Беларус»? А дзе душа? Толькі гармонія творчага і вытворчага ў чалавеку, як па мне, гарантуе радасьць быцьця. А тады па-беларуску можна будзе спакойна абмяркоўваць і абставіны злачынстваў, і філязофію старажытнай Грэцыі.

Паказаць камэнтары

Back to top
XS
SM
MD
LG