Якуб
Колас (сапр. Міцкевіч Канстанцін),
нарадзіўся 03.11.1882 г. у засценку Акінчыцы (цяпер у
межах горада Стоўбцы) Менскай вобласці ў сям'і
лесніка.
Раннія дзіцячыя гады
прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць,
што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. Скончыў
Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902).
Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна
(1902-1904), Пінкавічы Пінскага раёна (1904-1906), Верхмень
Смалявіцкага раёна (1906). За ўдзел у нелегальным
настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой
1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную
школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў
Вільні, у 1908 г. - у прыватнай школе ў вёсцы Сані
Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у
настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў
асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў менскім
астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й
прыходскай навучальні ў Пінску. У час першай
імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй
эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай
губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў
мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў
Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916).
Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г.
накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў
і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце
Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з
войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне
настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку
ўрада БССР у траўні 1921 г. пераехаў у Менск.
Выкладаў у Менскім беларускім педагагічным
тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце,
чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся
навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай
культуры. З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.)
быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г.
удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры
ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме
(пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 - лістапад 1943),
Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай
дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Менск. Быў
сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам
Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956),
з'яўляўся старшынёй Беларускага
рэспубліканскага камітэта абароны міру.
Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны пяццю
ордэнамі Леніна, орданамі Чырвонага Сцяга,
Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Народны паэт БССР (1926).
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).
Памёр 13.08.1956 г.
Пісаць пачаў на расейскай
мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным
па-беларуску «Наш родны край» (14 верасня 1906 г.
газета «Наша доля»). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы
зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае
выданне ў 1982), затым - кнігі прозы «Апавяданні»
(1912), «Родныя з'явы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 г.
асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Тоўстае
палена» і «Нёманаў дар», апавяданні вершам
«Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы
сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У
савецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі
жыцця» (1926, 1-е выданне - Коўна, 1921), зборнік вершаў
«Водгулле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), аповесць
«У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданняў
«Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У
ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925),
аповесць «На прасторах жыцця» (1926, экранізавана ў
1929; уключаны і апавяданні, 2-е дапоўненае выданне
ў 1928), аповесці «У глыбі Палесся» (1927),
«Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў
«Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі»
(1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946),
зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова
хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955,
інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» ў
1958; экранізавана ў 1960-1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве
між нас геній» (1952) і інш. Многія вершы Я.Коласа
пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей -
паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі
«Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы
зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў
апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця»
(1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.
Аўтар п'ес «Антось Лата»
(1917, пастаўлена ў 20-х гадах), «Забастоўшчыкі» (1925),
«Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938,
пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938,
пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця»
(1917).
Выступаў у галіне
публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. У 1957 г.
выйшаў зборнік «Публіцыстычныя і крытычныя
артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытанне для
дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Методыка
роднае мовы» (1926).
Пераклаў на беларускую
мову паэмы «Палтава» А.Пушкіна, паасобныя творы
Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Р.Тагора і інш.
Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского
словаря» (1953).
Выйшлі Зборы твораў у 7-мі
(1952), 12-ці (1961-1964), 14-ці (1972-1978) тамах. Неаднаразова
перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы
і паэмы).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай
прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата». |