Мікола
Гусоўскі (1470-1533?), беларускі паэт-гуманіст і
асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік
новалацінскай усходнеэўрапейскай школы, дзеяч
славянскай культуры.
Адукацыю атрымаў
у Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы,
Італіі. У 1518 у складзе беларуска-польскай
дыпламатычнай місіі Гусоўскі трапіў у Рым, дзе
стварыў свой лепшы твор, які ў 1528 быў выдадзены ў
Кракаве пад назвай «Песня пра зубра». У гэтым
творы Гусоўскі выступіў як выразнік перадавых
грамадска-палітычных і эстэтычных поглядаў таго
часу і папулярызатар гісторыі і культуры
Беларусі на сусветнай арэне, прадстаўнік
рэнесансавага рэалізму. У паэме выразна
прасочваецца патрыятычны заклік да яднання і
дружбы розных па веры і культуры эўрапейскіх
народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага
нашэсця, услаўленне дзейнай, свабоднай,
гарманічна развітай і мужнай асобы, ідэя
патрыятызму і антываенны пафас,
рэнесансава-утапічная канцэпцыя гарманічных
узаемадзеянняў чалавека, грамадства і прыроды,
міждзяржаўных адносін. Гусоўскі стварыў
мастацка-гістарычны гімн прыгажосці сваёй зямлі.
Вялікая яго заслуга ў пастаноўцы праблемы аховы
прыроды, беражлівых адносін да яе, рацыянальнага
выкарыстання і памнажэння прыродных багаццяў
радзімы. Ён крытыкаваў сацыяльна-класавую
палітыку Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы,
з абурэннем пісаў пра пакуты простага народа. З
мэтай маральна-этычнага ўдасканалення
грамадства, павышэння яго адукаванасці Гусоўскі
прапанаваў сістэму лацінскай эўрапейскай
адукацыі («сем свабодных навук»). У войнах паэт
бачыў адну з важнейшых прычын няшчасцяў
чалавецтва, пакут радзімы і народа. Гусоўскі
таксама аўтар паэм «Новая і славутая перамога
над туркамі ў ліпені месяцы» (1524), «Жыццё і
подзвігі святога Гіяцынта» (1525). Яго паэзія
паўплывала прама ці апасродкавана на
станаўленне гістарыяграфіі Вялікага Княства
Літоўскага, росквіт лацінскай, уласнабеларускай,
польска-беларускай літаратур. |