Уладзімір
Караткевіч, нарадзіўся 26.11.1930 г. у горадзе
Воршы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
У час Вялікай Айчыннай
вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля
ў Арэнбургу. У 1944 г. вярнуўся ў Воршу, атрымаў
сярэднюю адукацыю. У 1954 г. скончыў філалагічны
факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Настаўнічаў у
вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай
вобласці (1954-1956), у Воршы (1956-1958). Скончыў Вышэйшыя
літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у
Маскве. З 1962 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам
Дружбы народаў.
Памёр 25.07.1984 г.
Першыя вершы апублікаваў у
1951 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі
прызыў»). У 1955 г. верш «Машэка» быў змешчаны ў
часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі
«Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і
паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.»
(вершы і паэмы, 1986).
Аўтар зборнікаў
апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня»
(1961), «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў
мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім»
(1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга
забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982),
«Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны
раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах
драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і
нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Аўтар п'ес «Млын на Сініх
Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы
Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь
Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска
чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў
1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988;
аднайменны мастацкі фільм - рэжысёр Ю.Марухін,
1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія
хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных
фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя»
(1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі
мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў
Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і
ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967),
«Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля
Стаха» (з В.Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак
Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і
радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей.
Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім
тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда»
(кампазітар Д.Смольскі, 1978), а паводле яго
аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» -
аднайменная опера (кампазітар У.Солтан, 1989).
Выступаў як публіцыст і
крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі»
(1977, першае выданне - на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972),
эсэ «Мсціслаў - Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра
Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Ўкраінку, М.Агінскага,
Я.Купалу, М.Багдановіча, М.Шолахава, Я.Брыля,
У.Калесніка, М.Лужаніна, Р.Барадуліна, В.Зуёнка,
А.Наўроцкага, Я.Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы ў
2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987-1991).
Працаваў як перакладчык.
На беларускую мову пераклаў драму М.Карыма «У ноч
зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць
Э.Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981),
паасобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка,
Я.Судрабкална, Б.Мацкявічуса і інш.
Лаўрэат Літаратурнай
прэміі СП БССР імя І.Мележа (1983) за раман «Нельга
забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»),
Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984,
пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі». |